КЛЕ́ЦКІНА Б.А. ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае выдавецтва ў Вільні ў 1913—37. Засн. Б.А.Клецкіным. Выдавала л-ру на бел., польск. і яўр. мовах. У 1921—31 існаваў бел. аддзел, які меў сваю эмблему з выявай сейбіта; выдадзена 30 арыгінальных і перакладных кніг. Упершыню выдадзена аповесць Я.Коласа «У палескай глушы» (1923), перавыдадзены яго кнігі «У глыбі Палесся», «Казкі жыцця» і інш., паэт. зб-кі «Шляхам жыцця» Я.Купалы, «Вянок» М.Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Для дзяцей» (выбранае) Л.Талстога, «Алеся» А.Купрына, «Сляпы музыка» У.Караленкі, «Прынц і жабрак» М.Твена, «Ірландскія народныя казкі» С.Макмануса. Сярод выданняў — кнігі зах.-бел. літаратараў Я.Нарцызава (Я.Драздовіча), Б.Друцкага-Падбярэскага, Я.Пачопкі, бел. падручнікі па гісторыі л-ры М.Гарэцкага, геаграфіі А.Смоліча, матэматыцы С.Рака-Міхайлоўскага, Р.Астроўскага, А.Гурскага, чытанкі Л.Гарэцкай, А.Смоліч, «Падручны беларуска-польскі слоўнік» Друцкага-Падбярэскага, «Расказы аб вялікіх падзеях розных часоў і народаў» М.Рубакіна і інш.
А.С.Ліс.
т. 8, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)